Новости проекта
Подписывайтесь на нас ВКонтакте!
Голосование
Как Вам новый сайт?
Всего 20 человек

9 клас Працяжнік паміж часткамі ў бяззлучнікавых складаных сказах. Паўтарэнне. Правапіс не (ня) з дзеепрыслоўямі

Дата: 11 апреля в 09:11, Обновлено 21 октября в 10:43

Материалы: https://kosino.schools.by/library/category/59794

Настаўнік: Ізбавіцель Ірына Уладзіміраўна

Тэма: Працяжнік паміж часткамі ў бяззлучнікавых складаных сказах. Паўтарэнне. Правапіс не (ня) з дзеепрыслоўямі

Мэта: 1) мяркуецца, што да заканчэння ўрока вучні будуць

ведаць: правілы пастаноўкі працяжніка ў складаных бяззлучнікавых сказах; правапіс не (ня) з дзеепрыслоўямі.

умець: правільна пунктуацыйна афармляць бяззлучнікавыя складаныя сказы (у тым ліку ставіць працяжнік паміж прэдэкатыўнымі часткамі), вызначаць межы і сродкі сувязі прэдыкатыўных частак бяззлучнікавых складаных сказаў; будаваць схемы складаных бяззлучнікавых сказаў;

Задачы асобаснага развіцця:1) садзейнічаць фарміраванню навыкаў  аналітычнага мыслення, самастойнай працы і працы ў групе; 2) спрыяць выхаванню пачуцця адказнасці за будучыню і гісторыю краіны, ствараць сітуацыі для выхавання культуры індывідуальнай і калектыўнай вучэбнай дзейнасці.

Мэта на мове вучняў: на ўроку я замацую свае веды і ўменні ў пастаноўцы працяжніка ў  бяззлучнікавых складаных сказах; паўтару пастаноўку іншых знакаў прыпынку ў бяззлучнікавых складаных сказах; змагу паспяхова выканаць выніковы тэст па тэме ўрока.

Абсталяванне: вучэбны дапаможнік (Гардзей, Н. М. Беларуская мова : вучэб. дапам. для 9-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. і рус. мовамі навучання / Н. М. Гардзей, П. Л. Навіцкі, З. М, Тамашэвіч; пад рэд. Н. М. Гардзей. – Мінск : Нац. ін-т адукацыі, 2001; святлафорыкі для адваротнай сувязі; тэставыя заданні.

                                                           Ход урока                                 

1.Арганізацыйны этап.

Мэта: псіхалагічная падрыхтаванасць класа да ўрока, арганізацыя ўвагі вучняў.

         Педагагічная задача: арганізаваць і падрыхтаваць вучняў да работы, стварыць атмасферу ўзаемадапамогі і супрацоўніцтва.

  1. Настаўнік вітаецца з вучнямі, жадае ім поспеху на ўроку.
  2. “Прытча пра ляноту”

         Багаты чалавек збіраўся ў далёкае падарожжа і вырашыў аддзячыць сваім лепшым работнікам. Аднаму даў пяць рублёў, другому – тры, а трэцяму – адзін рубель. Праз некаторы час, вярнуўшыся, ён спытаў у работнікаў, як тыя распарадзіліся грашыма. Той, што  атрымаў пяць рублёў, патроіў свой “капітал”, той, што атрымаў тры рублі, - падвоіў. А трэці моўчкі стаяў, заціснуўшы свой рубель у руцэ.

         Багацей раззлаваўся і забраў грошы ў трэцяга работніка, прамовіўшы:

- Я даў табе шанс стаць багатым, а ты не скарыстаўся ім.  –  А потым дадаў: - Кожнаму, хто сумленна працуе, заўсёды прыбавіцца і далучыцца. А ў гультая і таго не стане.

- Што нам гаворыць дадзеная прытча?

- Я жадаю вам працаваць сумленна і ўзбагаціць свае веды. Бо трывалыя веды вам спатрэбяцца  не толькі на сённяшнім уроку, але і ў вашым самастойным  жыцці.

2. Фарміраванне мэты і матывацыі дзейнасці.

Мэта: актывізацыя суб’ектнага вопыту вучняў, фарміраванне пазнавальнага інтарэсу і матыву дасягнення поспеху, самавызначэнне вучняў на вынік урока.

Педагагічная задача: стварыць сітуацыю супярэчнасці паміж набытымі і новымі  ведамі вучняў, стварыць умовы для самавызначэння вучняў на актыўную дзейнасць і яе станоўчыя вынікі.

  1. Паведамленне тэмы ўрока настаўнікам.
  • Ці зразумелая для вас тэма ўрока?
  • На мінулым уроку адзначалася, што вынікам вывучэння тэмы будзе правядзенне тэсту. Тэст перад вамі. Азнаёмцеся з ім. Скажыце, ці дастатковы ваш багаж ведаў, каб справіцца з тэстам?
  1. Мэтамеркаванне.
  • Якія веды і ўменні, на вашу думку,   неабходны, каб паспяхова выканаць тэст?

(Адказы вучняў. Мяркуецца, што гэта: веданне  бяззлучнікавых сказаў, уменне адрозніваць іх ад іншых відаў складаных сказаў; уменне ставіць знакі прыпынку ў бяззлучнікавых складаных сказах; асаблівую ўвагу ўдзяліць пастаноўцы працяжніка ў бяззлучнікавых складаных сказах).

(Задачы дубліруюцца на слайдзе).

  1. Асэнсаванне вучэбнай задачы і яе вырашэнне.

Мэта: усведамленне вучнямі асноўнага зместу вучэбнага матэрыялу, які вывучаецца на ўроку, пазнавальная актыўнасць вучняў.

Педагагічная задача: арганізаваць мэтанакіраваную пазнавальную дзейнасць вучняў па тэме ўрока.

  1. Гульня “Так” ці “не”, прыём “Не паднімаючы рукі”.
  1. Складаныя сказы, у якіх сэнсава-граматычныя часткі звязаны пры дапамозе інтанацыі называюцца бяззлучнікавымі?
  2. Знакі прыпынку ў БСС не залежаць ад сэнсава-граматычных адносін паміж часткамі?
  3. Кропка з коскай ставіцца паміж часткамі БСС, калі яны адносна самастойныя і маюць свае знакі прыпынку?
  4. Працяжнік ставіцца паміж часткамі БСС, калі адна частка супрацьпастаўляецца другой?
  5. Двукроп’е ставіцца паміж часткамі БСС, калі апошняя частка абагульняе папярэднія?
  6. Працяжнік ставіцца паміж часткамі БСС, калі часткі ўказваюць на хуткую змену падзей або нечаканы вынік?

2. Гульня “Схематычная размінка”.

Выбраць  нумары схем, якія з’яўляюцца складанымі бяззлучнікавымі сказамі.

(схемы на выбар настаўніка, сярод іх могуць быць складаназалежныя сказы з некалькімі даданымі часткамі, складаназлучаныя сказы з працяжнікам паміж часткамі і іншыя).

  1. Выбарачны лічбавы дыктант “Правяраю сябе”.

На экране – пералік паняццяў па тэме “Складаны сказ”. Неабходна адабраць тыя (ключавыя), што адносяцца да тэмы “Бяззлучнікавы складаны сказ”. Вучні   у сшытках нумары

1) злучальная сувязь;

2) галоўная і даданая часткі;

3) сузалежнае неаднароднае падпарадкаванне;

4) злучнікі;

5) злучальныя словы;

6) бяззлучнікавая сувязь;

7) коска;

8) кропка з коскай;

9) падпарадкавальная сувязь;

10) паслядоўнае падпарадкаванне;

11) працяжнік;

12) размеркавальныя сэнсавыя адносіны;

13) двукроп’е;

14) сузалежнае аднароднае падпарадкаванне;

15) аднатыпныя часткі і разнатыпныя часткі.

На экране адказ. Самаправерка

6), 7), 8), 11), 13), 15)

  1. Рэфлексія.
  • Што пры выкананні дадзеных заданняў не выклікала цяжкасцей?
  • На што яшчэ неабходна звярнуць увагу?

5. Усведамленне культурна-гістарычнага ўзору.

  1. Групавая работа (3 групы). Пастаноўка працяжніка паміж часткамі ў БСС

(вучні атрымліваюць лісты з незавершанымі схемамі. Задача вучняў: завяршыць схемы. Пасля завяршэння правесці самаправерку (сс.142-143; ) па вучэбным дапаможніку, ручкай іншага колеру ўнесці папраўкі. Лісты вывешваюцца на дошку. Вядзецца абмеркаванне магчымых памылак. Фармулююцца правілы пастаноўкі працяжніка паміж часткамі бяззлучнікавых складаных сказаў.

6.Практычная дзейнасць, накіраваная на развіццё арфаграфічных і пунктуацыйных навыкаў.

Мэта: усведамленне вучнямі асноўнага зместу вучэбнага матэрыялу, які вывучаецца на ўроку, пазнавальная актыўнасць вучняў.

Педагагічная задача: арганізаваць мэтанакіраваную пазнавальную самастойную і групавую дзейнасць вучняў па тэме ўрока.

  1. Праца з тэкстам.  Прыём “1-2-3”.

(праца арганізуецца ў тры прыёмы: самастойна, у парах, у групах)

  • Ці ведаеце вы, чым адзначаецца дзень 8 лютага ў календары?

                        (адказы вучняў, праца з тэкстам)

          Маленькія героі вялікай вайны

8 лютага - дзень юнага героя-антыфашыста. Антыфашыст – чалавек, не згодны з ідэалогіяй фашызму. Фашызм – рух, які вядзе за сабой гвалт, вайну, зло, знішчэнне аднаго народа другім.

Дзень юнага героя-антыфашыста адзначаецца з 1964 года. Гэты дзень памяці  зацверджаны ААН у гонар загінулых удзельнікаў антыфашысцкіх дэманстрацый – французскага школьніка Даніэля Феры і іракскага хлопчыка Фадыла Джамаля.

Даніну памяці ў гэты дзень мы аддаём і дзецям-героям Вялікай Айчыннай вайны. Да вайны гэта былі звычайныя хлопчыкі і дзяўчынкі. Прыйшоў час небяспекі  яны паказалі сябе як мужныя героі.  (Не) скарыўшыся перад ворагам,  змагаліся за сваю Радзіму поруч са старэйшымі, (не) шкадуючы свайго жыцця.

Марат Казей, Зіна Партнова, Аркадзій Каманін, Лёня Голікаў, Валя Зенкіна, Валодзя Дубінін, Валодзя Шчарбацэвіч – толькі адзінкі з тысяч юных герояў.

Маленькія героі вялікай вайны. (Не)навідзячы ворага, яны паказалі, якім вялікім можа быць маленькае сэрца.

Балюча ўсведамляць, што і сёння ў свеце неспакойна. Ахвярамі ўзброеных канфліктаў, тэрактаў становяцца дзясяткі тысяч мірных жыхароў, сярод іх нямала дзяцей. Кожны з нас разумее такога не павінна быць.

Кожны дзень на Зямлі павінны нараджацца дзеці, каб жыць у шчасці.

Будзе чалавек жыць у міры з людзьмі не будзе на Зямлі войн і тэрактаў.

           Заданні да тэксту

  • Расстаўце неабходныя знакі прыпынку ў бяззлучнікавых складаных сказах, растлумачце іх пастаноўку;
  • Раскрыйце дужкі, напісаўшы не разам ці асобна, растлумачце правапіс;
  • Ці патрэбна памятаць аб подзвігу герояў-антыфашыстаў?

(пры неабходнасці можна звярнуцца да вучэбнага дапаможніка 7 класа, напісанне не (ня) з дзеепрыслоўямі).

(УЗОР выканання слайд №6 прэзентацыі)

7.Кантроль.

Мэта: высвятленне ўзроўню засваення новага матэрыялу праз выкананне праверачнага тэста

Педагагічная задача: стварыць умовы для самакантролю, карэкцыі і самаацэнкі ведаў.

  1. Выкананне тэставага задання 

Знакі прыпынку ў бяззлучнікавых складаных сказах        

Адзначце сказы, у якіх на месцы пропуску трэба паставіць працяжнік

  1. 1) Напэўна, матчына доля такая_сыноў гадаваць, выпраўляць у дарогу.

2) Дабро прыносіш людзям_з табою людзі як браты.

3) Прапала кароўка _ прападай і вяроўка.

4) Цвітуць лугі_ жаўцее проса_ ўздымае жыта каласы.

5) Пульсуе радасць у прасторах_ залатыя свецяцца агні.

     2.  1) Меднастволы, як выліты, высіцца бор_ зацвітае на ўзлессі блакітны чабор.

           2) Так ужо наканавана небам_ маці дзеліцца з дзецьмі душою, як хлебам.

            3) Тут трэба быць пільным_ у верасе заўсёды хаваюцца пільныя баравікі.

          4) Сваё сябрам адкрыеш сэрца _душу сяброў пазнаеш лепш.

           5) Ідзе яна па вуліцы_ лебедзь плыве.

    3.    1) Хлеб у возе_няма бяды ў дарозе.

           2) Ноч гусцее_пагасла зара_зорка срэбная ўпала ў ваду.

           3) Сэрцу быць гадзіннікам нягожа_ спыніцца – не завядзеш.

           4) Праз вокны нічога не было відаць_ іх пакрыў іней.

           5) Падымаешся на гэты ўзгорак _ перад табою адкрываецца прыгажосць.

     4.   1) Надзя хуценька апаласнула халоднай вадой твар_сон як рукой зняло.

           2) Сумна, тужліва пазіралі шкляныя вокны Мацеевай хаты_ дзед паехаў у горад.

           3) Пушынка да пушынкі _ нам пярынка.

           4) Тут вецер вільготны і пругкі _ тут ружы ў духмянай расе.

           5)  Маланкі стрэламі ўстаюць _ у бубен сыпле гром.

     5.   1) Даспявалі суніцы ў зялёных барах _ на шыпшыне звінелі  пчаліныя гуслі.

           2) Заўсёды помню ісціну святую _ нельга пражыць на гэтым свеце без цяпла і святла.

           3) Прыйдзе раніца _ будзем раіцца.

           4) Слова сказаў_ сякераю адсек.

           5) Сабіна, відаць, збіралася вышываць _ у руках яна трымала паркаль і мулінэ.

Адказы: 1 2),3); 2 4),5);3 1),5); 4 1), 3); 5 3),4).

8.Самаацэнка.  Ацэнка. Рэфлексія.

Мэта: усведамленне значнасці вучэбнай дзейнасці і сітуацыя поспеху.

Педагагічная задача: стварыць умовы для самаацэнкі дзейнасці вучняў і ўсведамлення імі асобасных сэнсаў у вывучэнні тэмы. Зварот да задач урока (на слайдзе).

  1. Прыём “Незавершанае выказванне”

     2. Зварот да тэксту прытчы “Прытча пра ляноту”.

- Ацаніце, калі ласка, сваю работу на ўроку. Хто з вас узбагаціў свае веды, а хто застаўся сядзець убаку, заціснуўшы “свой рубель у руцэ?”

9.Дамашняе заданне.

Мэта: свядомы выбар і паспяховае выкананне дамашняга задання.

Педагагічная задача: падрыхтаваць вучняў да выбару дамашняга задання.

    С.161;

   *сс.138-139;

   *сс.142-143;

   *сс.148-149.

  (* - дадатковыя заданні для тых вучняў, якія зрабілі памылкі пры выкананні тэставага задання).

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.